ЦЭНТРА́ЛЬНЫ АРХІ́Ў МІНІСТЭ́РСТВА АБАРО́НЫ (ЦАМА) Рэспублікі Беларусь, Архіў Міністэрства абароны. Створаны 16.6.1946 у Мінску на базе аддзела архіваў штаба БВА. Спачатку наз. Архіў штаба БВА (у 1951—56 часова — «аддзел архіваў»), дзе камплектаваліся дакументы вайск. часцей і ўстаноў, што дыслацыраваліся на тэр. БВА, упраўленняў і аддзелаў яго штаба. Кожныя 5 гадоў адбывалася перадача дакументаў у Цэнтр. архіў Мін-ва абароны СССР (апошні раз перададзены дакументы да 1980). 4.1.1993 пераўтвораны ў ЦАМА. На 1.1.2003 у архіве 525 743 адзінкі архіўнага захавання, у т. л. 308 604 справы і 217 139 асабістых картак уліку рабочых і служачых Узбр. сіл; 4676 фондаў. Справы размешчаны ў 2 сховішчах: у 1-м дакументы БВА, у 2-м — ваен. структур, што сфарміраваліся пасля 1991. Існуюць аддзелы: архіваў, уліку, захавання і інфарм.-пошукавых сістэм; інфарм.-даведачнай працы. Найб. значныя фонды: структур штаба БВА і яго падведамстваў, ваен. ВНУ, мед. устаноў, фін. органаў, парт. і камсамольскіх арг-цый, ліквідацыйныя акты і інш. Значная колькасць дакументаў па асабовым складзе перададзена ў архіў у 2-й пал. 1990-х г. з ваен. камісарыятаў. Захоўваюцца картатэкі паслужных картак з інфармацыяй пра ўсіх афіцэраў, што служылі ў БВА, пра ваеннаслужачых, якія ўдзельнічалі ў ліквідацыі наступстваў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС, і інш. Дакументы архіва выкарыстоўваюцца для адказаў на запыты сац.прававога характару, для даследавання гісторыі вайск. часцей і злучэнняў; а таксама складальнікамі гісторыка-дакументальных хронік «Памяць» і інш.

Літ.:

Жумарь С. Архив Министерства обороны Республики Беларусь // Архівы і справаводства. 2002. № 3.

У.​Р.​Заварошкін.

т. 17, с. 174

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)